Ўчора беларускі палітык і кіраўнік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Зянон Пазняк у эфіры тэлеканала «Белсат» больш падрабязна расказаў пра стварэнне часовага Нацыянальнага ўраду.
Палітык кажа, што ягоныя словы пра стварэнне новай структуры людзі ў каментарах тлумачаць не так, як ёсць на самой справе. Паводле Пазняка, было аб’яўлена стварэнне часовага Нацыянальнага ўраду у Беларусі, які будзе дзейнічаць у тым выпадку, калі будзе неабходнасць яго прысутнасці ў Беларусі.
— Вы напалохалі беларусаў. Пытанне зусім не такое. Гэта Вы паўтарылі, ну, можа быць, каментары людзей, якія не разумеюць, што гавораць, можа быць, што ў медыа плавае. Гэта зусім не тое, пра што Вы сказалі. Значыць, аб’яўлена, што ствараецца часовы Нацыянальны ўрад у Беларусі, які ставіць перад сабой задачу: на выпадак, калі неабходна яго будзе прысутнасць у Беларусі, датрымаць парадак і датрымаць незалежнасць Беларусі, — сказаў у эфіры кіраўнік БНФ.
Зянон Станіслававіч лічыць, што ў 2020 годзе ніхто з беларусаў не чакаў такой хвалі пратэстаў, таму пратэстамі скарысталіся чужыя людзі, з-за якіх ўтварыўся поўны разлад. Таму Нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь» паставіў задачу падрыхтаваць і стварыць часовы Нацыянальны ўрад Беларусі. То бок гэты часовы ўрад не будзе перашкаджаць ні НАУ, ні Святлане Ціханоўскай, ні іншым структурам, бо не будзе мець свой штат. Але, паводле Пазняка, ужо сёння павінна быць структура, якая возьме на сябе адказнасць за лёс Беларусі, бо зараз мы перажываем гібрыдны генацыд.
— Каб не здарылася так, як у двадцатым годзе, калі пачаліся пратэсты, якіх ніхто не чакаў. Ніхто! І ў выніку гэтыя пратэсты аседлалі чужыя людзі, і ўтварыўся поўны разлад. А зараз мы перажываем не то, што рэпрэсіі, а перажываем гібрыдны генацыд. Дык вось, каб такога не было, павінна быць структура, павінен быць урад, які возьме на сябе адказнасць за лёс Беларусі, за лёс парадку на Беларусі, і за лёс рэформ і выбараў. Гэта павінна быць зроблена ўжо цяпер. Гэта ніякі не ўрад, які будзе функцыянаваць, будзе мець тут нейкія сродкі, тут будзе мець свой штат… Нічога падобнага! Гэта зусім не тое, гэта ценявы кабінет. Гэта тая структура, якая павінна быць створана на час, калі яна будзе патрэбна, — так адказаў на пытанне вядоўцы Зянон Пазняк.