Палітзняволеная Алена Гнаук час ад часу змяшчаюць у штрафны ізалятар за тое, што яна працягвае нагадваць супрацоўнікам калоніі, што яны прымаюць уздел у генацыдзе беларусаў. Знаёмые Алены сталі перажываць за яе стан, калі даведаліся, што яна пачынае губляць розум пасля выхаду з ШЫЗА. Пра гэта паведамляе ўстанова «Лекары за праўду і справядлівасць».
Актывістка з Пружан Алена Гнаук зараз знаходзіцца ў ПК № 4. Як нам стала вядома, яе ўстойліва накіроўваюць у штрафны ізалятар. Яна пагражае супрацоўнікам калоніі расстрэльным артыкулам за ўтрыманне закладнікаў, узгадваючы каменяломню і лагеры смерці. Палітзняволеная вінаваціць супрацоўнікаў у генацыдзе беларускага народу.
Паводле звестак, дасланых знаёмымі актывісткі ў бот установы, Алена Гнаук трымаецца. Аднак пасля другога ШЫЗА за ёй сталі заўважаць, што яна пачынае губляць розум. Блізкія вельмі перажываюць за яе стан.
Нагадаем, 9 жніўня 2022 г. у Брэсцкім абласным судзе разгледзелі апеляцыйную скаргу Алены Гнаук. Суддзя Святлана Крамянёўская пакінула прысуд без зменаў. Праз тыдзень палітзняволеную этапавалі з СІЗА-6 у гомельскую ПК № 4. У кастрычніку 2022 КДБ уключыў палітзняволеную ў спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.